Заканадаўства.
Адносіны самаўладства да пануючага саслоўя былі лаяльнымі, але ў шляхецкай свядомасці жыла ідэя былой незалежнасці ВкЛ, якая яскрава адлюстроўвалася ў так званым літвінскім патрыятызме.
Расійскі ўрад дакладна рэагаваў на гэту асаблівасць менталітэту мясцовага дваранства і па-рознаму падыходзіў да вырашэння амаль усіх найбольш істотных праблем былога ВкЛ і Польшчы. Напярэдадні вайны з Францыяй імператар Аляксандар І, каб забяспечыць падтрымку з боку дваранства Літвы і Беларусі, знізіў падаткі, які паступалі ў казну з Беларусі, і выказаў жаданне аднавіць цэласнасць ВкЛ пад эгідай Расіі. Па даручэнню імператара ў 1811 г. магнаты М.К. Агінскі, К. Любецкі, К. Пляцер, К. Любамірскі, С. Грабоўскі склалі праект «Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім», у склад якога павінны былі ўвайсці ўсе тэрыторыі, што адышлі да Расіі ад былой Рэчы Паспалітай.Акрамя ідэі аўтаноміі Вялікага княства Літоўскага Аляксандр І меў план, прапанаваны князем Адамам Чартарыйскім. Ён прапанаваў аднавіць усё Каралеўства Польскае ў межах 1772 г., не звяртаючы ўвагі на ВкЛ. Гэты план падтрымліваўся большасцю польскай і апалячанай шляхты Літвы і Беларусі. Ажыццяўленне праектаў зацягвалася, а вайна з Напалеонам наогул іх перакрэсліла.
Паўстанне 1830-1831 гг. поўнасцю пахавала ідэю аўтаноміі. Урад імператара Мікалая І распрацаваў праграму зліцця беларускіх зямель з імперыяй. Яна супадала з уніфікацыяй агульнарасійскага заканадаўства і кадыфікацыяй законаў Расійскай імперыі. 1 студзеня 1831 г. расійскае заканадаўства было ўведзена ў Магілёўскай і Віцебскай губернях, а 25 чэрвеня 1840 г. – у Мінскай, Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці, дзейнасць Статута 1588 г. была адменена. У 1840-1842 гг. урадам былі праведзены шэраг мерапрыемстваў па ўпарадкаванню мясцовага справаводства. Замест агульнага наймення Беларускіх і Літоўскіх губерняў выкарыстоўваць іх асобныя назвы: Віцебская, Магілёўская, Віленская і Гродзенская. Мінская губерня афіцыяльна не адносілася ні да Беларускіх, ні да Літоўскіх. Назвы «Украіна» і «Літва» замяняліся на Паўднёва-Заходні і Паўночна-Заходні край. Назва «Беларусія» і «беларускі» край, як і «Маларасія», «маларасійскі» і «Вялікарасія», «вялікароскі» афіцыйна не выключаліся з дзяржаўнага i афiцыйнага ўжытку, паколькi мелi агульны корань “рос”, якi сведчыў аб адзiнстве паходжання «трох плямён русскага народа».