<<
>>

Урадавая палітыка ў галіне асветы.

Адной з важнейшых задач расійскі ўрад лічыў рэарганізацыю адукацыі, на асновах, якія б адпавядалі яго інтэрэсам. Сістэма адукацыі Беларусі ў першай чвэрці XIX ст. была пабудавана згодна з рэформай адукацыі 1802 г.

Уся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Віленскай навучальнай акругі (1803-1824 гг.), якую ўзначальваў князь А. Чартарыйскі. Навучальная акруга мела поўную самастойнасць і кіравалася асобным «Статутам» (1803 г.). А. Чартарыйскі карыстаўся неабмежаваным даверам Аляксандра І і мог праводзіць ідэі аднаўлення самастойнасці Польшчы.

У аснову сістэмы адукацыі Беларусі, як і Расіі, былі пакладзены прынцыпы бессаслоўнасці, бясплатнасці навучання на ніжэйшых яго ступенях, пераемнасці навучальных праграм.

Згодна з рэформай стваралася некалькі тыпаў навучальных устаноў. Пачатковая школа была прадстаўлена аднакласнымі прыхадскімі вучылішчамі для ніжэйшых саслоўяў. Сярэднюю адукацыю давалі павятовыя вучылішчы і гімназіі. У першыя дзесяцігоддзі XIX ст. у Беларусі таксама дзейнічала сетка вучылішчаў пры каталіцкіх і базыліянскіх манастырах. Яны давалі сярэднюю адукацыю і прыраўноўваліся да павятовых вучылішчаў і гімназій. Колькасць іх на працягу першай трэці XIX ст. паступова скарачалася, а ў 1832 г. у сувязі з закрыццём каталіцкіх манастыроў яны былі пераўтвораны ў свецкія.

Вышэйшую адукацыю даваў Віленскі ўніверсітэт. Ен меў 4 факультэты, бібліятэку, батанічны сад, астранамічную абсерваторыю, анатамічны музей, лабараторыі. Першымі рэктарамі ўніверсітэта былі браты I. і Я. Снядэцкія. У функцыі ўніверсітэта ўваходзіла арганізацыя навучальнага працэсу ў навучальнай акрузе наогул. Універсітэт павінен быў распрацоўваць навучальныя праграмы, выпускаць падручнікі, прызначаць настаўнікаў у гімназіі і вучылішчы. 3 1805 г. універсітэт выдаваў штомесячны навукова-літаратурны часопіс «Dziennik Wilenski» і быў своеасаблівым цэнтрам культурнага жыцця края, вакол якога згуртоўвалася мясцовая інтэлігенцыя.

Раскрыццё ў 1823 г. тайных таварыстваў у навучальных установах Віленскай акругі дало пачатак працэсу дэпаланiзацыi сістэмы асветы Беларусі. Дзеля гэтага праводзіўся перагляд праграм і падручнікаў, забаронялася заснаванне любых таварыстваў. Па плану новага папячыцеля акругі М. Навасільцава пачалася ліквідацыя павятовых вучылішчаў з гімназічным курсам навук. Яны былі пераўтвораны ў звычайныя павятовыя вучылішчы, выпускнікі якіх не мелі права вучыцца ва ўніверсітэце. Навучальныя ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губерній у 1824 г. былі перададзены ў падпарадкаванне Пецярбургскай навучальнай акругі на 5 гадоў.

Важным элементам школьнай справы на беларускіх землях была дзейнасць езуіцкіх навучальных устаноў і асабліва Полацкай акадэміі, якая адкрылася ў 1812 г. Яна мела факультэты моў, вольных навук (філасофія, прыродазнаўчыя і грамадзянскія), тэалогіі. Да самага свайго закрыцця ў 1820 г. акадэмія была цэнтрам вышэйшай каталіцкай адукацыі ўсёй Расіі. Сярэдняя каталіцкая адукацыя Беларусі першай чвэрці XIX ст. была прадстаўлена Галоўнай духоўнай семінарыяй пры Віленскім універсітэце і Полацкай уніяцкай семінарыяй.

Праваслаўная духоўная адукацыя Беларусі знаходзілася ў стадыі фарміравання. Яго духоўным цэнтрам па-ранейшаму заставалася Магілёўская семінарыя, якая многа зрабіла для стварэння пачатковых духоўных школ (Гомель, Невель).

Пасля ўступлення на прастол імператара Мікалая I пачаліся змяненні ў сістэме асветы. У аснову народнай асветы быў пакладзены прынцып строгай саслоўнасці. Згодна з «Уставам навучальных устаноў» 1828 г. пачатковая і сярэдняя адукацыя падзялялася на тры катэгорыі: для дзяцей ніжэйшага саслоўя (сялян) прызначаліся аднакласныя прыхоцкія вучылішчы з элементарнай праграмай навучання; для «сярэдняга» саслоўя – трохкласныя вучылішчы з больш шырокай праграмай пачатковага навучання; для дзяцей дваран і чыноўнікаў уводзіліся сямікласныя гімназіі, заканчэнне якіх давала права для паступлення ва ўніверсітэты. Устаў ліквідаваў пераемную сувязь паміж ступенямі.

Узровень адукацыі павінен быў адпавядаць сацыяльнаму становішчу вучня.

У адпаведнасці з палажэннем «Устава» 1828 г. была створана Беларуская навучальная акруга замест былой Віленскай (1829 г.). У дадатках да Ўстава была абазначана мэта стварэння акругі – «неабходнасць навучання юнакоў у адпаведнасці з асаблівасцямі Беларусі». У новую вучэбную акругу ўвайшлі Віцебская, Магілёўская, а ў 1831 г. – Мінская губерні.

Падзеі 1830-1831 гг. прымусілі ўрад актывізаваць сваю адукацыйную палітыку на Беларусі. Міністэрству народнай асветы і папячыцелю акругі рэкамендавалася прыкласці ўсе магчымыя намаганні да пераходу на выкладанне на рускай мове і для збліжэння мясцовых жыхароў з «прыроднымі рускімі». У маі 1832 г. у сувязі з закрыццём Віленскага ўніверсітэта была ліквідавана Віленская навучальная акруга. Навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці ўвайшлі ў склад Беларускай навучальнай акругі з цэнтрам у Віцебску.

Выпускнікам былога Віленскага ўніверсітэта забаранялася выкладаць у мясцовых школах. Падрыхтоўку выкладчыкаў для Беларусі пачынае весці настаўніцкая семінарыя, створаная ў 1834 г. у Віцебску. У 1840 г. у Горы-Горках была адчынена земляробчая школа, якая ў 1848 г. была пераўтворана ў земляробчы інстытут (ВНУ). Усяго на пачатку 60-х гг. у Беларусі налічвалася 567 навучальных устаноў усіх тыпаў, у тым ліку адно вышэйшае, 12 сярэдніх, 21 духоўнае вучылішча, звыш 400 пачатковых школ.

Адметнай рысай мясцовай сістэмы асветы стала пашырэнне ваенна-вучэбных устаноў. У эпоху Аляксандра I былі адчынены юнкерскія вучылішчы ў Бабруйску, Дзінабургу і Магілёве, пры Мікалаі І былі адчынены кадэцкія карпусы ў Полацку (1835 г.) і Брэсце (1842 г.). Яны разглядаліся ўрадам як сродак выхавання дваранства ў духу вернасці самадзяржаўю і таму напалову камплектаваліся з дваранства беларускіх губерняў.

<< | >>
Источник: Шымуковiч С.Ф.. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый. Частка I. / Шымуковiч С.Ф.– 2-е выдан-не – Мн.: Акад. кiрав. пры Прэзiдэнце Рэсп. Беларусь,2005. – 235 с.. 2005

Еще по теме Урадавая палітыка ў галіне асветы.:

- Археология - Великая Отечественная Война (1941 - 1945 гг.) - Всемирная история - Вторая мировая война - Древняя Русь - Историография и источниковедение России - Историография и источниковедение стран Европы и Америки - Историография и источниковедение Украины - Историография, источниковедение - История Австралии и Океании - История аланов - История варварских народов - История Византии - История Грузии - История Древнего Востока - История Древнего Рима - История Древней Греции - История Казахстана - История Крыма - История мировых цивилизаций - История науки и техники - История Новейшего времени - История Нового времени - История первобытного общества - История Р. Беларусь - История России - История рыцарства - История средних веков - История стран Азии и Африки - История стран Европы и Америки - Історія України - Методы исторического исследования - Музееведение - Новейшая история России - ОГЭ - Первая мировая война - Ранний железный век - Ранняя история индоевропейцев - Советская Украина - Украина в XVI - XVIII вв - Украина в составе Российской и Австрийской империй - Україна в середні століття (VII-XV ст.) - Энеолит и бронзовый век - Этнография и этнология -