Канфесіянальная палітыка.
Асноўным зместам канфесіянальнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі было аднаўленне страчаных пазіцый праваслаўя. Аднак формы і метады дасягнення галоўнай мэты пры Аляксандры І і Мікалаі І былі неаднолькавымі.
Праваслаўная царква знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным і маральным стане, яе веруючымі былі прыгонныя сяляне, бедная шляхта і мяшчане. Каталіцкае дваранства не клапацілася пра ўладкаванне праваслаўных прыходаў. Пачасціліся выпадкі пераводу праваслаўных і ўніяцкіх сялян у каталіцызм, уз’яднанне ўніятаў з праваслаўем спынілася. Шырокай свабодай карысталася каталіцтва і нават пратэстантызм. 3 дазволу імператара па ўсёй Беларусі зацвярджаліся езуіцкія місіі. Толькі пасля вайны 1812 г., у ходзе якой выявілася супрацоўніцтва каталіцкага духавенства з напалеонаўскай адміністрацыяй, езуіты былі выдвараны з Расіі, а іх маёмасць канфіскавана.Мікалай І шукаў у праваслаўнай царкве апору для сваёй палітыкi. У мэтах павышэння прэстыжу праваслаўнай царквы, адукацыйнага ўзроўню духавенства ў канцы 20-х – пачатку 30-х гг. была праведзена царкоўная рэформа. Змянілася становішча праваслаўнай царквы і ў Беларусі. У 1826 г. католікам забаранялася будаваць капліцы ў мясцовасцях з пераважна праваслаўным насельніцтвам. У 1827-1830 гг. былі праведзены мерапрыемствы па рэфармiраванню ўніяцкай царквы i збліжэнню яе з праваслаўем. Была створана асобная грэка-уніяцкая калегія, чатыры ўніяцкія епархіі рэарганізаваны ў Беларускую і Літоўскую. У базіліянскія манастыры загадвалі прымаць толькі ўніятаў, у практыцы богаслужэння выкарыстоўваць “мясцовы дыялект”. Прадугледжвалася ліквідацыя залежнасці ўніяцкага духавенства ад памешчыкаў-католікаў. У аснову ўніяцкага навучання была пакладзена праваслаўная сістэма навучання. Для ўніятаў была створана асобная семінарыя ў Жыровічах (у 1828 г.). Адначасова адбывалася ачышчэнне ўніяцкай царквы ад лацінскіх абрадаў.