<<
>>

Бронзавы век (2 – пачатак 1 тыс. да н.э.)

Назва новага перыяду ў першабытнай гісторыі Беларусі паказвае, што на нашай тэрыторыі з’явіліся першыя вырабы з металаў. Але сваіх радовішчаў медзі на Беларусі і ў непасрэднай блізкасці няма, таму медных і бронзавых прылад працы вельмі мала, большасць металічных знаходак – гэта ўпрыгожванні (бранзалеты, фібулы, кольцы).

Яны траплялі на Беларусь з Каўказа, Карпат ў абмен на бурштын і вырабы з бурштыну, якія насельніцтва старажытнай Беларусі атрымлівала з Прыбалтыкі ў абмен на крэмневыя прылады працы. Але металічных вырабаў было вельмі мала (археолагі зарэгістравалі ўсяго каля 80 знаходак), яны не маглі зрабіць рэвалюцыю ў вытворчасці. Шырока працягвалі выкарыстоўваць каменныя прылады працы. Таму да Беларусі больш падыходзіць назва перыяду – энеаліт ці медна-каменны век.

Вялікіх памераў дасягнула здабыча і апрацоўка крэмню ў Краснасельскіх шахтах. У апрацоўшчыкаў з’явіўся новы прыём, які яшчэ больш удасканаліў каменныя сякеры і іншыя рэжучыя прылады. Пасля нанясення струменчатай рэтушы (насечкі крыж на крыж) на рэжучыя грані, вытворчыя паказчыкі прылад значна павялічваліся. Відавочныя поспехі ў гаспадарчым развіцці суадносна адбіліся і на жыцці людзей. Замест аднакамерных жылых пабудоў (паўзямлянак ці наземных жытлаў) зараз будуюць двухкамерныя жытлы. З’явіліся лавы і сталы, керамічны посуд з плоскім дном, што ставіўся на сталы і плоскі ачаг.

Каменных сякер патрабавалася ўсё болей і болей – адбываўся пераход да земляробства, яно паступова станавілася галоўнай галіной гаспадаркі, а для яго развіцця патрабавалася высякаць лес. З гэтых умоў нарадзілася своеасаблівая форма земляробства – ляднае ці падсечна-агнявое. Сутнасць яго была ў тым, што лясную дзялянку спачатку высякалі, пні карчавалі, давалі дрэвам высахнуць (1-2 гады), потым іх спальвалі і на ўзбагачонай попелам глебе атрымлівалі на працягу каля 4-5 год добры ўраджай. А потым зноў праводзілі такую ж аперацыю.

Глебу ўжо апрацоўвалі не толькі матыкай, але і ралам (драўляным простым плугам), у які ўпрагалі валоў ці каня. Такім чынам, жывёлагадоўля і земляробства з самага пачатку былі цесна звязаны паміж сабой і распаўсюджваліся па Беларусі сінхронна.

Хуткае распаўсюджанне новых вытворчых форм гападаркі звязана не толькі з відавочнымі іх перавагамі над прысвайваючай гаспадаркай, а яшчэ і са з’яўленнем на Беларусі новага насельніцтва – індаеўрапейцаў, якія па ступені гаспадарчага і грамадскага развіцця значна пайшлі наперад у параўнанні з мясцовым (аўтахтонным) насельніцтвам.

Радзіма індаеўрапейцаў – Малая Азія (сучасная Турцыя). У гэтага старажытнага народа асноўным заняткам была жывёлагадоўля. Тут індаеўрапейцы дасягнулі значных поспехаў. Але па нейкіх умовах – кліматычных ці дэмаграфічных (якаснае харчаванне – хуткі рост насельніцтва) – яны вымушаны былі пачаць сваю доўгую вандроўку. Была адна акалічнасць, якая значна палегчыла гэтым людзям падарожнічаць, гэтая акалічнасць – вынаходніцтва кола. Старажытныя індаеўрапейцы сканструявалі павозкі, у якія запрагалі валоў і перавозілі свой няхітры скарб з аднаго луга на другое. Так гэтыя плямёны рассяліліся на вялікай тэрыторыі – ад Індыі да Атлантычнага акіяна, утварыў самую вялікую сучасную моўную сям’ю – індаеўрапейскую, куды ўваходзяць славяне, балты, германцы і іншыя народы. Дзякуючы рухаваму ладу жыцця індаеўрапейцы стварылі развітую мову (яны шмат чаго бачылі і давалі новым з’явам свае назвы, ці займалі іх ад мясцовага насельніцтва). Амаль пастаянныя сутычкі з мясцовым насельніцтвам спрыялі таму, што асноўным заняткам мужчын акрамя жывёлагадоўлі стала вайна. Аб гэтым гаворыць і назва адной з беларускіх археалагічных культур бронзавага веку – культура баявых сякер. Вайна (а таксама новыя вытворчыя формы гаспадаркі) паставіла менавіта мужчыну на першае месца ў сацыяльнай іерархіі першабытнага грамадства. Так, у індаеўрапейцаў існавала патрыярхальная ці бацькоўская родавая абшчына. Асноўныя пытанні жыцця роду ці племені вырашаліся на агульных сходах узброеных мужчын, такі лад кіраўніцтва зваўся “ваенная дэмакратыя”.

Але ўжо пачала складвацца і асабістая няроўнасць у родавым грамадстве.

Усё гэта індаеўрапейцы прынеслі і на Беларусь, дзе яшчэ існаваў матрыярхат, а мясцовае (аўтахтоннае) насельніцтва толькі пачало пераходзіць да вытворчых форм гаспадаркі. Аўтахтоннае насельніцтва беларускіх зямель – гэта фіна-вугорскія плямёны, светлавалосыя, з блакітнымі вачыма, а прышлыя індаеўрапейцы – з цёмнымі валасамі, каравокія. На Беларусі пачалі адбывацца асіміляцыйныя працэсы. Ваяўнічыя індаеўрапейцы не выконвалі забаронаў экзагаміі і эндагаміі, бо яны былі заваёўнікамі. Яны бралі жонак з аўтахтонных плямёнаў і так разбурылі прынцып эндагаміі – забарону браць шлюб па-за межамі свайго племені. Плямёны фіна-вуграў часткова былі выціснуты на поўнач, часткова асіміляваны, а беларускія землі ўвайшлі ў тэрыторыю засялення старажытных балтаў (крыху далей, на захадзе, з імі суседнічалі старажытныя славяне – так сама індаеўрапейцы).

На Беларусі археолагі вызначаюць некалькі вялікіх археалагічных культур, што звязваюцца з індаеўрапейцамі – качэўнікамі. Гэта культура баявых сякер (адметныя прыкметы – разнастайная танкасценная кераміка, у тым ліку кружкі, і, па назве культуры – наяўнасць сякер спецыфічнай формы), культура шнуравой керамікі (назва ад адметнага ўпрыгожвання керамікі), тшцінецкая археалагічная культура (адметнасць – цюльпанападобная кераміка).

Такім чынам, галоўныя здабыткі людзей на беларускай зямлі ў бронзавы век:

· станаўленне новай формы грамадскага ладу – патрыярхату;

· адбыўся першы вялікі падзел грамадскай працы на земляробства і жывёлагадоўлю;

· выраслі памеры абмену, у тым ліку міжрэгіянальнага;

· з’явілася прыватная ўласнасць;

· з’віліся касмаганічныя рэлігійныя ўяўленні (прадстаўленні аб тым, як утварылася наваколле), больш увагі сталі ўдзяляць культу продкаў.

<< | >>
Источник: Шымуковiч С.Ф.. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый. Частка I. / Шымуковiч С.Ф.– 2-е выдан-не – Мн.: Акад. кiрав. пры Прэзiдэнце Рэсп. Беларусь,2005. – 235 с.. 2005

Еще по теме Бронзавы век (2 – пачатак 1 тыс. да н.э.):

- Археология - Великая Отечественная Война (1941 - 1945 гг.) - Всемирная история - Вторая мировая война - Древняя Русь - Историография и источниковедение России - Историография и источниковедение стран Европы и Америки - Историография и источниковедение Украины - Историография, источниковедение - История Австралии и Океании - История аланов - История варварских народов - История Византии - История Грузии - История Древнего Востока - История Древнего Рима - История Древней Греции - История Казахстана - История Крыма - История мировых цивилизаций - История науки и техники - История Новейшего времени - История Нового времени - История первобытного общества - История Р. Беларусь - История России - История рыцарства - История средних веков - История стран Азии и Африки - История стран Европы и Америки - Історія України - Методы исторического исследования - Музееведение - Новейшая история России - ОГЭ - Первая мировая война - Ранний железный век - Ранняя история индоевропейцев - Советская Украина - Украина в XVI - XVIII вв - Украина в составе Российской и Австрийской империй - Україна в середні століття (VII-XV ст.) - Энеолит и бронзовый век - Этнография и этнология -