Беларусь у час Савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў
У лістападзе 1918 г. падчас адступлення нямецкіх войск была створана незалежная польская дзяржава, якая абапіралася на ідэю адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Па сутнасці гэта азначала вайну з Савецкай Расіяй, да якой польскае кіраўніцтва пры фінансавай падтрымцы буйнейшых заходніх краін было добра падрыхтавана.
У снежні 1918 г. Польшча перайшла ў наступленне на беларускія і ўкраінскія землі. Да сакавіка 1919 г. польскія войскі акупіравалі шэраг беларускіх гарадоў, у тым ліку Ліду, Вільну, Гродна. Урад Літбел, які праводзіў жорсткую палітыку ваеннага камунізму (харчразвёрстка, палітычныя рэпрэсіі, адмова ад перадачы зямлі непасрэдна сялянам), не здолеў арганізаваць абарону. 1 чэрвеня 1919 года згодна з Дэкрэтам Усерасійскага ЦВК Савецкія Украіна, Беларусь, Літва і Латвія аб’ядноўваліся з Савецкай Расіяй для агульнай барацьбы з сусветным імперыялізмам. Уводзілася агульнае ваеннае камандаванне, аднак стрымаць польскае наступленне не ўдалося і аб’яднаным сілам. У жніўні 1919 г. быў захоплены Мінск. Восенню фронт усталяваўся на р. Беразіна-Днепр. Фактычна ЛітБелССР і БССР як яе частка перасталі існаваць.На занятых тэрыторыях польскія акупанты праводзілі надзвычай жорсткую палітыку. Ліквідаваліся не толькі бальшавісцкія органы ўлады, але не дапускалася стварэнне мясцовых органаў улады БНР. Жорстка праследваліся і адны, і другія. Толькі ў некаторых кіраўнікоў БНР захаваліся ілюзіі адносна прызнання незалежнасці беларускай дзяржавы. Рада БНР раскалолася па пытанні супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Пад час перамоў дзеячаў БНР і польскіх уладаў апошнія згадзіліся прызнаць існаванне незалежнай БНР, але ў адказ урад БНР павінен падпісаць дагавор аб уваходжанні Беларусі ў склад Польскай дзяржавы. Такая “незалежнасць на 5 хвілін” незадаволіла большую частку склада Рады БНР, якая дзейнічала ў Мінску са згоды польскага акупацыйнага кіраўніцтва з 12 снежня 1919 года.
Большасць на паседжаннях мелі беларускія эсэры (частка былой адзінай партыі – БСГ). Яны перавыбралі кіраўніцтва Рады – новыя лідары В.Ластоўскі, П.Крычэўскі, І.Мамонька і інш. заявілі аб вернасці III Устаўнай грамаце і выразілі пратэст супраць акупацыі Беларусі польскай арміяй. Польскі ўрад не чакаў такога ад Рады БНР, таму яе разагналі, а партыю беларускіх эсэраў падверглі праследванням. Аднак трэба было легітымізаваць для сусветнай супольнасці інкарпарацыю Беларусі – таму ў сакавіку 1920 года была арганізавана з ліку некаторых дзеячаў БНР Найвышэйшая Рада (С.Рак-Міхайлоўскі, І.Серада, Я.Лёсік, А.Смоліч) якая 24 сакавіка 1920 г. падпісала дагавор аб уваходжанні Беларусі ў склад Польшчы. Супраць гэтага дагавору выступілі адзіным фронтам бальшавікі і эсэры. Менавіта апошнія арганізавалі антыпольскі сялянскі партызанскі рух і кіравалі ім. А ў Мінску ў студзені 1920 года на базе арганізацыі “Маладая Беларусь”, што дзейнічала з мая 1917 года ў Мінскім настаўніцкім інстытуце (кіраваў У.Ігнатоўскі) была ўтворана Беларуская камуністычная арганізацыя. Арганізацыя арганізоўвала барацьбу з польскімі інтэрвентамі, а далейшае Беларусі бачыла ў існаванні БССР у складзе федэратыўнай Расіі, і ў гэтым разыходзілася з беларускімі эсэрамі, якія імкнуліся да поўнай незалежнасці.Да арганізаваных камуністамі і эсэрамі партызанскіх атрадаў пачалі далучацца прадстаўнікі іншых палітычных сіл. Распачатае вясной 1920 г. наступленне палякаў дазволіла ім захапіць шэраг беларускіх і ўкраінскіх гарадоў, аднак летам Чырвоная Армія пачала контрнаступленне, і да жніўня 1920 г. ўся тэрыторыя Беларусі была занята савецкімі вайскамі. Адначасова Савецкая Расія была вымушана пачаць супрацоўніцтва з буржуазным урадам Літвы – Тарыбай. 12 ліпеня 1920 года Савецкая Расія і Літва падпісалі дагавор, згодна з якім Літве перадавалася Віленская і Гродзенская губерніі з гарадамі Вільна, Гродна, Ліда, Вілейка, Ашмяны, Дзісна. Дагавор падпісалі без згоды з урадам БССР, і гэта было юрыдычным канцом ЛітБелССР.
31 ліпеня 1920 г. у Мінску была прынята дэкларацыя, якая другі раз абвяшчала незалежнасць Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Часовая ўлада перадавалася Беларускаму рэвалюцыйнаму камітэту (старшыня – А.Чарвякоў), які павінен быў дзейнічаць да II з’езда Саветаў Беларусі. У жніўні 1920 г. польская армія здолела разбіць пад Варшавай Чырвоную Армію, перайсці ў наступленне і зноў заняць значную частку Беларусі. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе паміж Украінай і Расіяй з аднаго боку і Польшчай з другога быў падпісаны дагавор аб перамір’і. Беларусаў зноў не запрасілі ўдзельнічаць у перамовах.Падпісанне перамір’я не спыніла ваенных дзеянняў. Пры падтрымцы польскага боку ў лістападзе на тэрыторыю Беларусі ўвайшлі атрады пад кіраўніцтвам С.Булак-Балаховіча, які абвясціў сябе начальнікам Беларускай дзяржавы. Але пасля захопу Мазыра, Петрыкава, Калінкавіч гэтыя злучэнні былі разбіты намаганнямі Чырвонай Арміі. У лістападзе-снежні 1920 г. адбылося ўзброенае выступленне на Случчыне, удзельнікі якога выступалі супраць перадачы павета да БССР. Сяляне былі незадаволены празмернымі памерамі харчразвёрсткі. На павятовым з’ездзе, дзе большасць была ў мясцовых эсэраў, было вырашана аказаць узброенае супраціўленне Чырвонай Арміі. Адначасова на з’ездзе было зноў паднята пытанне аб аднаўленні беларускай дзяржаўнасці.
13-17 снежня 1920 года ў Мінску прайшоў II Усебеларускі з’езд Саветаў. На ім у Канстытуцыю былі ўнесены змяненні, зацверджана структура дзяржаўнай улады: вышэйшая ўлада належыла з’езду Саветаў, ЦВК – распараджальны орган з’езда, выканаўчая ўлада ў СНК рэспублікі. Была ўведзена дзяржаўная манаполія, зямля перадавалася сялянам, але часткова. Лепшыя панскія маёнткі аддаваліся пад арганізацыю саўгасаў. З’езд ратыфікаваў умовы Рыжскага пагаднення ад перамір’і і надаў Расійскаму ўраду права заключаць любые міжнародныя пагадненні ад імя БССР.
18 сакавіка 1921 г. паміж Савецкай Расіяй, Украінай і Польшчай быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога Польшча атрымала заходнюю частку Беларусі з больш чым 4-мільённым насельніцтвам. Усходняя частка Беларусі апынулася ў складзе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і РСФСР. Але Рыжскі мір не прызнаў урад БНР у эміграцыі. На палітычнай канферэнцыі 26-30 верасня 1920 года ў Празе дзеячы БНР абвінавацілі польскі ўрад у падзеле Беларусі і разгроме Беларускай Народнай Рэспублікі. На гэтай падставе адбылася часовая кансалідацыя беларускіх дзеячаў у эміграцыі.