<<
>>

Авантуры з Ілжэдзмітрыямі.

Выбраны ў 1598 г. на маскоўскі прастол Барыс Гадуноў некаторымі баярскімі коламі абвінавачваўся ў забойстве царэвіча Дзмітрыя (адбылося ў 1591 г.), сына Івана Жахлівага – адзінага пасля Федара Іванавіча прадстаўніка правячай у Маскве дынастыі Рурыкавічаў.

У цяжкі перыяд кіравання для Барыса (страшэнны голад 1601-1603 гг.) ў Рэчы Паспалітай з’явіўся чалавек, што выдаваў сябе за цудам жывога царэвіча Дзмітрыя Іванавіча. Гэтым авантурыстам быў беглы манах Грышка Атрэп’еў, які некаторы час працаваў пры патрыярхе Іоне і добра ведаў маскоўскі двор. Такі авантурыст быў падарункам для кіраўніцтва Рэчы Паспалітай, гэта дазваляла распаліць у маскоўскай дзяржаве грамадзянскую вайну і потым скарыстацца яе наступствамі. Жыгімонт ІІІ і канцлер ВкЛ Леў Сапега прыватным чынам падтрымалі намаганні Ілжэдзмітрыя і яго паплечнікаў, дазволілі сабраць прыватнае войска. За дапамогу яны патрабавалі ад будучага маскоўскага цара перадаць Рэчы Паспалітай Смаленшчыну, Северскае княства; жонцы – палячке Марыі Мнішак перадаць ў асабістае валоданне Пскоў і Ноўгарад; даць палякам перавагі ў гандлі; садзейнічаць распаўсюджванню каталіцтва ў Масковіі (асабіста “царэвіч” ужо быў католікам) і інш. На ўзроўні дзяржавы Рэч Паспалітая ў адносінах з Масквой захоўвала нейтралітэт.

У кастрычніку 1604 г. “войска” Ілжэдзмітрыя І уступіла ў Расію. Паўднёвыя гарады сустракалі “сапраўднага” цэвіча з хлебам-соллю. Пачаліся ваенныя сутычкі з царскім войскам, якія для самазванца скончыліся дрэнна. Дапамагла Ілжэдзмітрыю нечаканая смерць Барыса Гадунова ў красавіку 1605 г. Ён сабраў вялікае апалчэнне сярод рускіх гарадоў і ўжо летам быў у Маскве. Малалетні цар Фёдар Гадуноў разам з маткай быў задушаны, патрыярх Іоў – які асабіста ведаў Грышку Атрэп’ева – арыштаваны. Хутка народная радасць перарасла ў нянавісць. Новы “цар” не паважаў рускіх традыцый, рускай веры, а яго палякі наогул вызывалі непрыкрытую нянавісць масквічоў.

Гэтым скарыстаўся ўплывовы баярын Васілій Іванавіч Шуйскі. 17 мая 1606 г. адбылося паўстанне маскоўскага насельніцтва, “цар” быў забіты прыхільнікамі Шуйскага, палякі амаль усе перабіты (Марыну Мнішак з бацькам выратавалі баяры).

Народ не любіў Шуйскага, але прыхільнікі “пракрычалі” яго новым царом на Чырвонай плошчы і разгарачоная маскоўская чэрнь згадзілася. Новая ўлада ў Маскве была вельмі нестабільнай, чым зноў скарысталіся авантурысты. Летам 1607 г. з’явіўся новы “царэвіч Дзмітры” – настаўнік з Магілёўшчыны. Ён аб’яднаў атрады Ілжэдзмітрыя І, стаў рухацца на Маскву. Сталіцу захапіць ён не здолеў і абаснаваўся ў Тушыне, атрымаўшы прозвішча “тушынскі вор”. У гэты час прыватныя войскі Яна Сапегі і Аляксандра Лісоўскага пачалі беспаспяховую асаду Троіца-Сергіевага манастыра, якая цягнулася з верасня 1608 г. па студзень 1610 г.

Лагер “тушынскага вора” стаў другім адміністратыўным цэнтрам маскоўскай дзяржавы, якая раскалолася на некалькі частак. Сюды прыехалі Марына Мнішак з бацькам, якія “прызналі” ў Ілжэдзмітрыі ІІ “сапраўднага” Дзмітрыя. Становішча маскоўскага цара Васілія Шуйскага ўскладнілася, і ён запрасіў дапамогі ў шведаў. Ваенныя дзеянні пачаліся вясной 1609 г. паспяхова для Масквы і Швецыі. Ад “тушынцаў” была вызвалена значная тэрыторыя. Рэч Паспалітая знаходзілася ў стане вайны са Швецыяй (Жыгімонт дабіваўся шведскай кароны), таму ў верасні 1609 г. Жыгімонт распачаў адкрытую вайну супраць рускай дзяржавы і асадзіў Смаленск. Ілжэдзмітры ІІ стаў непатрэбны ўладам Рэчы Паспалітай і праз год быў забіты ў Калуге. Асада Смаленска цягнулася да чэрвеня 1611 г. Годам раней, у чэрвені 1610 г. баяры зверглі Шуйскага – яго войска было разбіта арміяй Рэчы Паспалітай, а шведы захапілі поўнач дзяржавы разам з Ноўгарадам. Маскоўскай “сямібаяршчынай” браты Шуйскія былі выдадзены Жыгімонту ІІІ. У кастрычніку 1611 г. былы цар быў паказаны на сейме ў Варшаве як “захоплены пад час бітвы” кіраўнік варожай дзяржавы, што не адпавядала рэчаіснасці.

Пасля звяржэння Шуйскага, у стане гетмана Жалкеўскага ў чэрвені 1610 г.

пад Масквой было падпісана пагадненне аб прызванні на рускі прастол польскага каралевіча Уладзіслава. У верасні баяры ўпусцілі польскае войска ў Маскву. Крыху пазней пад Смаленск паехала прадстаўнічая дэлегацыя да Жыгімонта прасіць Уладзіслава на маскойскае царства. Кароль сам жадаў стаць рускім царом, патрабаваў здачы Смаленска і не прызнаў дагавора, падпісанага Жалкеўскім, таму пасольства правалілася, а паслы былі ўзяты пад ахову. Кіраўніцтва ў Маскве цалкам перайшло да пана Гансеўскага і палякаў.

У пачатку 1611 г. рускія сабралі першае апалчэнне, але з-за супярэчнасцяў у кіраўнікоў Маскву вызваліць яно не здолела. Тым часам войска Жыгімонта ІІІ у чэрвені 1611 г. штурмам заняла Смаленск. У восень 1611 г. на Паволжы пачало збірацца другое рускае апалчэнне, арганізатарам якога быў Кузьма Мінін. На пасаду ваеннага кіраўніка быў вылучаны князь Дзмітры Пажарскі. У жніўні 1612 г. яны ў маскоўскім Крамлі асадзілі войска Рэчы Паспалітай. Войскі апалчэння разбілі армію гетмана Хадкевіча, якая везла шмат правізіі і прыпасаў асаджаным у Крамлі. У апошніх не засталося выбару, як здацца апалчэнцам.

У студзені 1613 г. Земскі сабор у Маскве выбраў новага цара – Міхаіла Раманава, каралевіч Уладзіслаў быў пазбаўлены права на маскоўскі трон. Летам 1617 г. ён з войскам і атрадамі ўкраінскага гетмана Сагайдачнага пайшоў на Маскву, але Масквы ўзяць не здолеў. Было падпісана Дэўлінскае перамір’е на 14,5 год. Згодна з ім, ВкЛ атрымлівала Смаленскія землі, Карона Польская – Ноўгарад-Северскія і Чарнігаўскія землі. Быў праведзены абмен палоннымі. Уладзіслаў працягваў лічыць сябе маскоўскім царом. На гэтым усходні напрамак перастаў цікавіць Жыгімонта ІІІ Вазу. З 1614 па 1629 г. кароль ваяваў з Густавам Адольфам за шведскую карону, але беспаспяхова. Таксама беспаспяхова скончыліся яго намаганні па замацаванню цэнтральнай улады – у 1620 г. была арганізавана змова супраць караля. Наступленне на казацкія вольнасці вызвала вялікае паўстанне на Украіне ў 1630 г., якое было жорстка падаўлена.

На Беларусі адбылося шэраг выступленняў у гарадах. У 1606-1610 гг.у Магілёве кіравала справамі горада рада, выбраная з простых мяшчан. Кіравалі радай Стахор Мітковіч, шабельнік Мікіта, ганчар Міхалка, шавец Фёдар і іншыя. Войска жорстка пакарала ўдзельнікаў выступлення і вярнула ўладу гарадской вярхушке. У 1615 г. адбылося паўстанне ў Мазыры, у якім частку гараджан стараста вывеў з-пад улады магістрата і падпарадкаваў сабе. Мяшчане на чале з бурмістрамі Іванам Крыцкім і Жданам Машай занялі замак, перадалі ў гарадскую казну незаконна спагнаныя грошы і пашырылі ўладу магістрата на ўвесь горад. Праз некалькі год, у 1622 г. каралеўскі суд прызнаў частку пераўтварэнняў паўстанцаў. У 1623 г. у Віцебску мяшчане не вытрымалі нахабных дзеянняў уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча і пад час паўстання забілі яго і выкінулі ў Заходнюю Дзвіну. Удзельнікі паўстання былі пакараныя смерцю, а горад пазбавілі права на самакіраванне. Пасля смерці Жыгімонта ІІІ у 1632 г. яго пераемніку дасталося шмат невырашаных знешніх праблем і разлад унутры дзяржавы.

Новым каралём Рэчы Паспалітай быў абраны сын Жыгімонта ІІІ – Уладзіслаў IV Ваза (1632-1648 гг.). Пад час яго элекцыі маскоўскія ўлады спрабавалі скарыстацца магчымасцю заваяваць Смаленск. Было захоплена шмат невялікіх гарадоў, але Смаленск не здаваўся. Вясной 1633 г. кароль Уладзіслаў прыйшоў на помач асаджаным. У лютым 1634 г. рускі ваявода Міхаіл Шэін капітуляваў. Але Уладзіслаў не здолеў развіць поспех – абвастрыліся адносіны з Турцыяй і Швецыяй. У чэрвені быў падпісаны Палянаўскі мір, у аснову якога пакладзена Дэўлінскае перамір’е. Адзінае адрозненне – Уладзіслаў адмаўляўся ад прэтэнзій на маскоўскі трон за кантрыбуцыю ў 20 тыс рублёў. Пад час гэтай вайны, якая завецца “Смаленскай”, рускае войска спрабавала заняць Полацк. Летам 1633 г. яны наблізіліся да горада з поўначы, захапілі Запалоцце, але Верхні Замак заняць не здолелі і, спаліўшы горад, адышлі.

Уладзіслаў разумеў адмоўныя наступствы разладу ў грамадстве на рэлігійнай падставе, таму актамі 1632 і 1633 гг. легалізаваў існаванне праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай. Але яго палітыка экспансіі на Украіне стала прычынай вялікай казацкай вайны, якая распачалася ў апошнія месяцы праўлення караля. Асноўны цяжар вырашэння казацкага пытання і звязаных з ім наступстваў прыпаў на час праўлення другога сына Жыгімонта ІІІ Вазы – кардынала Яна Казіміра Вазы (1648-1668 гг.).

<< | >>
Источник: Шымуковiч С.Ф.. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый. Частка I. / Шымуковiч С.Ф.– 2-е выдан-не – Мн.: Акад. кiрав. пры Прэзiдэнце Рэсп. Беларусь,2005. – 235 с.. 2005

Еще по теме Авантуры з Ілжэдзмітрыямі.:

- Археология - Великая Отечественная Война (1941 - 1945 гг.) - Всемирная история - Вторая мировая война - Древняя Русь - Историография и источниковедение России - Историография и источниковедение стран Европы и Америки - Историография и источниковедение Украины - Историография, источниковедение - История Австралии и Океании - История аланов - История варварских народов - История Византии - История Грузии - История Древнего Востока - История Древнего Рима - История Древней Греции - История Казахстана - История Крыма - История мировых цивилизаций - История науки и техники - История Новейшего времени - История Нового времени - История первобытного общества - История Р. Беларусь - История России - История рыцарства - История средних веков - История стран Азии и Африки - История стран Европы и Америки - Історія України - Методы исторического исследования - Музееведение - Новейшая история России - ОГЭ - Первая мировая война - Ранний железный век - Ранняя история индоевропейцев - Советская Украина - Украина в XVI - XVIII вв - Украина в составе Российской и Австрийской империй - Україна в середні століття (VII-XV ст.) - Энеолит и бронзовый век - Этнография и этнология -